Наша апытанне

Оцените мой сайт
Всего ответов: 149

Статыстыка


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Каляндар

«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архіў запісаў





Вторник, 19.03.2024, 10:39
Вітаю Вас Гость | RSS
Фразеалагічны слоўнік школьніка
Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход
Мястэчка Радашковічы


Выкарыстаны матэрыял, апублікаваны ў грамадска-палітычным выданні "Маладзечанская газета" http://www.mgazeta.by/index.php


Падарожжы з Міхасём Казлоўскім

Падарожжы па роднай зямлі з Міхасём Казлоўскім
Ад душы параім чытачам, асабліва дзецям і настаўнікам: чытайце уважліва, зберагайце газетныя старонкі, бо серыя матэрыялаў друкуецца ў нашай газеце ўпершыню, і потым вы нідзе не знойдзеце такога збору інфармацыі аб сваёй малой радзіме — у кароткай, жывой, цікавай форме. Каб праект убачыў свет, каб вы маглі даведацца аб тым, чаго не ведаеце пра сваю зямлю, і ў падзеях і асобах уваскрасіць гісторыю Маладзечна, нашым экскурсаводам пагадзіўся стаць Міхась Казлоўскі — краязнаўца, пісьменнік, бібліёграф, чалавек надзвычай дасведчаны і вельмі заняты.

Сёння наша падарожжа пойдзе па адным з самых старажытных паселішчаў рэгіёну. Аб ім наш экскурсавод можа многае расказаць — матэрыял вельмі багаты; дай Бог хаця б пункцірна абазначыць самае цікавае і важнае...

Адзін з першых успамінаў аб гэтым населеным пункце — пабудова касцёла Святой Троіцы ў 1447 годзе. Гэта згадванне ў афіцыйных дакументах; відавочна, што сама па сабе гісторыя Радашковіч яшчэ больш старажытная. У ХVІ стагоддзі ў інвентарнай кнізе мястэчка згадваецца замак абарончага тыпу. Частыя войны, якія праходзілі праз гэту зямлю, не пакінулі ад яго і следу. Вядома, што замак быў драўляны і знаходзіўся «межы двемя ставы на реках на Гуи а на Вязыни» і сваім сілуэтам нагадваў карабель. Агульная даўжыня сцен замка па перыметры складала 226 метраў. За імі знаходзіліся гаспадарчыя і жыллёвыя пабудовы.
У 1549 годзе Радашковічы афіцыйна атрымалі статус горада, а праз 20 год (у 1569-м) — магдэбургскае права. У 1792 годзе кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст пацвердзіў права горада на самакіраванне і дараваў арыгінальны герб: на срэбным полі — хрысціянскі пакутнік Святы Стэфан, якога пабілі камянямі...
Пазней гісторыя ведала шмат значных падзей, якія адбываліся ў Радашковічах і іх ваколіцах. Так, у час Паўночнай вайны ў 1708 годзе тут  спыняўся Карл ХІІ са сваім штабам і ў гэтай рэзідэнцыі правёў адзінаццаць тыдняў. Не абмінулі горад і вайна 1812 года, і Першая сусветная, і Вялікая Айчынная. Таму на сённяшні дзень помнікаў архітэктуры, якія выразна характарызавалі б гэту мясцовасць, захавалася няшмат: хіба толькі касцёл Святой Троіцы, нанова адбудаваны ў стылі позняга класіцызму ў 1847 годзе пасля пажару, а яшчэ Свята-Ільінская царква ды былы інтэрнат Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Скарыны. Ёсць яшчэ некалькі будынкаў меншай гістарычнай значнасці, якія тым не менш сведчаць аб мінулым цікавага і самабытнага мястэчка. Але самая галоўная яго каштоўнасць, як і для Маладзечна, — гэта людзі.
Тут нарадзіліся і жылі, вучыліся і працавалі, вулачкамі гэтага старадаўняга горада, а пазней мястэчка хадзілі мастак канца ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзя, блізкі сябар Міцкевіча Язэп Аляшкевіч (менавіта адсюль ён вядзе свой радавод; тут жыў і яго бацька, знаны ў наваколлі музыкант), Юльян Гарайн — вядомы пісьменнік і мемуарыст ХІХ стагоддзя, Браніслаў Тарашкевіч — аўтар першай беларускай граматыкі, Ядвігін Ш. — адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры. Тут ствараў мастацкія гурткі і студыі, калі працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі, Язэп Драздовіч, паблізу ад мястэчка жыў Аляксандр Уласаў, меў невялікі маёнтак гісторык, археолаг, апякун культуры Андрэй Снітка, пісаў свае творы Аркадзь Чарнышэвіч (дарэчы, адзін з лепшых прадстаўнікоў беларускай прозы, аўтар выдатнага рамана «Засценак Малінаўка»)...
Давайце ж і мы пройдземся гэтымі сцежкамі, паўглядаемся ў будынкі і краявіды, якія захавалі памяць, дух, прысутнасць на гэтай зямлі значных постацяў айчыннай гісторыі і культуры.

Вышэйшае пачатковае вучылішча

1 верасня 1907 года ў Радашковічах было адкрыта гарадское вучылішча, якое з цягам часу ў сувязі з рэформай адукацыі ў царскай Расіі ператварылася ў вышэйшае пачатковае; афіцыйна яно пачало дзейнічаць з 1 студзеня 1913 года. Размяшчалася гэта навучальная ўстанова ў наёмным доме. На яе ўтрыманне з дзяржаўнай казны выдаткоўвалася 6890 рублёў, з местачковага бюджэту — 450 рублёў і са спецыяльных сродкаў — 300; усяго 7640. Плата за вучобу складала 10 рублёў у год. У 1913 годзе тут налічваліся 163 навучэнцы: 116 хлопцаў і 47 дзяўчат. У тым жа годзе гэту навучальную ўстанову закончылі 15 чалавек.
Ганаровым апекуном, ці канцэсіянерам, вучылішча з’яўляўся мясцовы жыхар Андрэй Снітка, які атрымаў адукацыю ў Рыжскім політэхнічным інстытуце; ён меў тут два маёнткі – у самім мястэчку і ў Кальзбергу. Кіраўніком, альбо інспектарам, быў Сцяпан Адамавіч Надарынскі, які скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, меў званне калежскага сакратара. Яго жалаванне ў год складала 960 рублёў (як кіраўніка вучылішча — 300 рублёў, за выкладанне рускай мовы, геаметрыі і гімнастыкі — яшчэ 200, 360 — за класнасць і яшчэ некаторыя дадаткі). Сумы заробку педагогаў мы прыводзім тут і далей, каб можна было пераканацца, што настаў-
ніцкая праца па тых часах чагосьці каштавала як у маральным, так і ў матэрыяльным выражэнні. А можа, хто сустрэне і знаёмыя прозвішчы ці факты? Не палянуйцеся адгукнуцца, патэлефануйце ў рэдакцыю (7-40-24) – кожная, нават малая звестачка, кожны радок краязнаўчай інфармацыі ўяўляюць для нас каштоўнасць...
Праваслаўнае веравызнанне выкладаў Канстанцін Сямёнавіч Жалязоўскі, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі, кавалер ордэна Святой Ганны 3-й ступені. Яго жалаванне складала 500 рублёў плюс 100 рублёў за выслугу. Па 960 рублёў атрымлівалі Восіп Аляксандравіч Куцкевіч (закончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, вёў урокі рускай мовы, грамадазнаўства, фізікі), Анастасія Мікалаеўна Увядзенская (закончыла Віленскае Марыінскае вышэйшае жаночае вучылішча, выкладала гісторыю, геаграфію і грамадазнаўства). Арыфметыцы і геаметрыі навучаў Мікалай Аляксандравіч Цвяткоў, спевам — Міхаіл Васільевіч Сапежка (закончыў Мсціслаўскае духоўнае вучылішча і атрымліваў 200 рублёў, працаваў па найме). У вучылішчы на той час меліся вакансіі: не было настаўнікаў нямецкай, французскай мовы, выяўленчага мастацтва.
Да 1919 года яно размяшчалася на Вілейскай вуліцы, а потым было закрыта польскімі ўладамі. Сярод яго выпускнікоў варта згадаць Адама Більдзюкевіча і Тодара Куніцкага, ураджэнцаў радашковіцкіх ваколіцаў. Мы раскажам пра іх крыху пазней.

Застаецца толькі здзіўляцца, колькі славутых людзей нарадзіла, пахрысціла ў адукацыйна-культурным сэнсе і выправіла ў доўгі шлях па жыцці радашковіцкая зямля. У канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзя тут нарадзіліся і жылі вельмі цікавыя прадстаўнікі тагачаснай беларускай і польскай культуры Язэп Аляшкевіч, Антон Марціноўскі, Юльян Гарайн. Грэхам было б не згадаць пра іх хоць курсівам у сваім даследаванні.

Язэп Аляшкевіч

нарадзіўся ў 1777 годзе ў сям’і музыканта; магчыма, меў шляхецкае паходжанне. Адукацыю атрымаў у Віленскай мастацкай школе. Быў вучнем прафесара жывапісу Францішка Смуглевіча, удасканальваў сваё майстэрства ў Дрэздэне і Парыжы. Потым вярнуўся ў Расію і жыў на Валыні, затым у Пецярбургу. Займаўся жывапісам. У саноўных колах яго ведалі як масцітага майстра партрэта. Працаваў Язэп Аляшкевіч у стылі позняга класіцызму і рамантызму. За карціну «Апека сірот» атрымаў званне акадэміка жывапісу.
Яго работы ўваходзяць у залаты фонд мастацтва ХІХ стагоддзя. Найбольш значная з іх — «Групавы партрэт». Доўга было невядома, выявы якіх людзей на ім занатаваны. Цяпер мастацтвазнаўцы і гісторыкі далі дакладны адказ на гэта пытанне: на партрэце — сям’я Тышынскіх, нашчадак якой Аляксандр Тышынскі быў прафесарам Варшаўскага універсітэта і аўтарам многіх кніг па гісторыі старажытнай культуры, літаратуры, асветы былой Рэчы Паспалітай, а жыў у нашай Мясаце. Пэндзлю Аляшкевіча належаць і вядомыя партрэты канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, князя Мікалая Радзівіла, а таксама бліжэйшага сябра мастака Адама Міцкевіча. Аляшкевічу шчасціла на знаёмствы, ён не размінуўся з поспехам і прызнаннем. Але і дасягнуўшы поспехаў у паўночнай сталіцы Расійскай імперыі, не забываўся на сваю малую радзіму, часта прыязджаў на Беларусь. Язэп Аляшкевіч пахаваны ў Пецярбургу, на Смаленскіх могілках.

Антон Марціноўскі

1781 года нараджэння. Cкончыў Мінскую гімназію і Віленскі універсітэт. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства і літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў. Члены гэтага аб’яднання выказваліся за прыватныя рэформы, грамадскую роўнасць народаў, выступалі супраць цемрашальства і забабонаў. Марціноўскі быў рэдактарам іх часопіса «Вулічныя навіны», газеты «Літоўскі веснік», першага на Беларусі навукова-літаратурнага часопіса «Віленскі дзённік». Заснаваў прыватную друкарню, у якой выйшла звыш 400 назваў кніг па розных галінах ведаў. А яшчэ ён быў адным са складальнікаў «Збору старажытных грамат гарадоў: Вільні, Коўна, Трокаў...» Антона Марціноўскага не стала ў 1855 годзе.


Юльян Гарайн

Пісьменнік і падарожнік, з’явіўся на свет у 1821 годзе. Пасля заканчэння Мінскай гімназіі паступіў у Маскоўскі універсітэт. У 40-50-я гады жыў у Мінску, сябраваў з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.
Юльян Гарайн — аўтар кніг прозы «Страчаныя хвіліны», успамінаў пра Уладыслава Сыракомлю «З жыцця паэта» (там аўтар падрабязна апісаў знаходжанне паэта ў тагачасным Мінску). З 1870-х гадоў жыў у ЗША, блізка сябраваў з вядомым пісьменнікам, лаурэатам Нобелеўскай прэміі Генрыкам Сянкевічам і працягваў літаратурную дзейнасць. Памёр у 1873 годзе.

Ян Вольскі

Гэта імя было знойдзена ў архівах нашым дапытлівым гідам, а затым крок за крокам расследавана і гісторыя жыцця — нядоўгага, але чыста і шчыра пражытага. Асобным радком стаіць яно ў летапісе нашага рэгіёну. Вось што распавядае Міхась Міхайлавіч:
— Калісьці, праглядаючы падшыўку «Нашай нівы», у нумарах 23-24 за 10 чэрвеня 1910 года ў рубрыцы «З Беларусі і Літвы» я прачытаў: «Горад Радашковічы Віленскай губерні Вілейскага павета. Нядаўна меў тут першую імшу ксёндз Вольскі (родам ён з Радашковіч, вучыўся ў Пецярбургу) і на гэту памятку пасля імшы раздаваў абразкі з подпісам па-беларуску і з малітвай: «Маліцеся, брацця, каб мая і ваша афяра была прынятай у Бога, Айца Усемагучага». Нашы беларусы надта цешыліся з гэтых слоўцаў у роднай мове». Мяне зацікавіў гэты тэкст. Давялося прыкласці шмат намаганняў, каб даведацца пра лёс загадкавага ксяндза Яна Вольскага, тым больш што ў беларускай гістарычнай літаратуры пра станаўленне хрысціянскага касцёла ў Беларусі (а гэта дзве работы ксяндза Адама Станкевіча — «Родная мова ў святынях» 1929 года і «Беларускі хрысціянскі рух» 1939 года) ні слоўцам не згаданы гэты чалавек і яго неардынарны ўчынак.
Я тады паехаў у Радашковічы і ў рэшце рэшт даведаўся, што па вуліцы Савецкай, 11 жыве сваяк ксяндза, а крыху далей — родная пляменніца. Ад іх і ўдалося сабрацьтакі-сякі біяграфічны матэрыял.
Маці Стэфаніі Вольскай, з якой я меў размову, і ксёндз Ян — родныя брат і сястра. Ён нарадзіўся ў 1887 годзе, быў вельмі набожны, праўдзівы. Вучыўся на свяшчэнніка ў Пецярбургу. Спачатку, напэўна, у Мітрапалітальнай духоўнай  ката-
ліцкай семінарыі, а пасля таго, як быў высвенчаны на ксяндза, з 1910 па 1913 г.г. – у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У час вучобы Вольскі пазнаёміўся і пасябраваў з Купалам… Дарэчы, менавіта ў Радашковіцкім парафіяльным касцёле Святой Троіцы, дзе ксёндз адпраўляў сваю першую імшу, у 1882 годзе Купалу хрысцілі...
Вольскі вельмі хінуўся да ўсяго беларускага. Пляменніца згадвала, што яшчэ да рэвалюцыі ў Радашковічах быў нейкі судовы працэс, і на ім Ян Вольскі папрасіў у суддзяў дазволу сведчыць на роднай мове, бо толькі так ён можа даць праўдзівыя сведчанні. Польскія касцельныя ўлады часта мянялі месца яго

службы. Служыў ён адміністратарам у парафіях Глуска, Слуцка, Нясвіжа, Івянца, але найдаўжэй — у Снове. А ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў быў накіраваны ў Кобрын, дзе і прабыў да пачатку вайны, жывучы ў згодзе з Богам і людзьмі. Там і закончыў свой зямны шлях. Здарылася гэта так.
Адзін малады чалавек з мясцовых жыхароў быў заўважаны нямецкімі ўладамі ў сувязях з партызанамі і арыштаваны. Ксёндз Вольскі прасіў адпусціць хлопца і паручыўся за яго перад нямецкім камендантам, пакляўшыся сваім жыццём. Юнака адпусцілі, а ноччу ён уцёк да партызанаў. 9 лістапада 1943 года ксяндза арыштавалі, а 15-га — расстралялі. Як свяшчэннік і чалавек ён пражыў сваё жыццё ў суладдзі з сумленнем, Богам і ў адказнасці за сваіх парафіян — калі трэба, то і да смерці.
Доўгі час я не мог знайсці патрэбнага мне здымка ксяндза, не бачыў яго магілкі, не сустракаў поўнага тэксту і не бачыў славутай памяткі-абразка. Час дапамог знайсці здымкі месца яго апошняга спачыну і тую самую памятку. Вось яе поўны тэкст: «Памятка Першай Мшы Святой, адпраўленай праз ксяндза Яна Вольскага дня 9 мая 1910 года ў касцёле парафіяльным Святой Троіцы ў Радашковічах.

Малітва за каплана

Усемагучы і міласэрны Божа, каторы праз бесканечную добрасць воліў прыклікнуць да адпраўлення Найсвяцейшай Афяры слугу твайго Яна, выслухай просьбу нашу і дай, каб ставаўся годным прыкліку свайго і каб благаслаўленне тваё ўсвянцала слова яго і працу. Дзеля Пана нашага Езуса Хрыста. Амэн». Ніводным крокам свайго жыцця — і ў гэтым мы маглі пераканацца — ксёндз не адступіў ад слоў у маленькай прыгожай памятцы-абразку.


Месца пахавання Яна Вальскага

Ядвігін Ш.

Ён, хоць і меў самае непасрэднае дачыненне да Радашковіч, месцам нараджэння абавязаны маёнтку Добасня Магілёўскай губерні, — распавядае наш гід. — Антон Іванавіч Лявіцкі (а менавіта такое яго сапраўднае імя) — з сям’і панскага упраўляючага. Далейшае яго жыццё працякала ва ўласным фальварку Карпілаўка на Лагойшчыне. Так атрымалася, што ў 1877-1878 гадах хлопчык жыў у Люцынцы, у доме Дуніна-Марцінкевіча, дзе вучыўся ў прыватнай школе. У далейшым ён пакінуў пра гэты перыяд цікавыя, вобразныя ўспаміны.

У пачатку 1880-х гадоў юнак закончыў Мінскую гімназію, паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта, але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны без права аднаўлення. У камеры Бутыркі, дзе ён сядзеў разам са студэнтамі, упершыню пазнаёміўся з беларускай ідэяй і захапіўся ёю. На гэтай хвалі пераклаў на беларускую мову папулярнае тады апавяданне Гаршына «Сігнал».
Калі малады чалавек вярнуўся ў Карпілаўку, на яго пасыпалася адно няшчасце за другім. Памёр бацька, які перад гэтым доўга хварэў, згарэў дом; яго сяк-так аднавілі, каб там магла жыць маці. Антон Лявіцкі адправіўся ў Мінск, дзе стажыраваўся, а потым здаў экзамен на памочніка аптэкара. Вярнуўшыся ў Радашковічы, працаваў па гэтай спецыяльнасці, а потым — у краме кааперацыі. Як успамінае дачка, «першыя гады на новым месцы ўсё ішло быццам добра, але пайшлі непаладкі. Кожны там лічыў сябе гаспадаром, тавар бралі ў крэдыт, грошай на зварот не было. Карацей кажучы, краму давялося ліквідаваць, далажыўшы свае грошы».
Аб таямніцы псеўданіма Антона Лявіцкага дагэтуль спрачаюцца літаратуразнаўцы. Па адной версіі, менавіта тут, у Радашковічах, ён закахаўся ў Ядвігу Шабуневіч, якую і ўвекавечыў у сваім псеўданіме. А можа, Ядвіга — гэта было імя яго маці? Цяпер мы ніколі ўжо дакладна не даведаемся пра гэта.
У Радашковічах Ядвігін Ш. асабліва добрыя сяброўскія адносіны падтрымліваў з доктарам Якавам Цэзаравічам Офенбергам. Добры і цікавы быў гэты чалавек. Шмат у яго было пацыентаў як сярод памешчыкаў і местачковых заможных людзей, так і сярод яўрэйскай беднаты, сялян мясцовых вёсак. Ён быў апантаны служэннем свайму прызванню. Дождж, мароз, спёка, стомленасць, ноч, небяспека — нішто не магло перашкодзіць яму прыйсці на дапамогу хвораму. Да нашых дзён дайшла напаўлегенда пра тое, як Якаў Офенберг восеньскай слатою за 20 з гакам вёрст дабіраўся да хворага на… запрэжанай у калёсы карове.
Потым ён пераехаў у Мінск. На развітальным вечары Ядвігін Ш. выступіў з кароценькай вершаванай прамовай:
Чую прамовы я прашчальныя
З усіх старон і ўсё ад паноў,
А я ад сэрца пажагнаю—
Ад сэрца бедных мужыкоў.
Прашчай жа!
Зычу жыцця сто гадоў,
Грошы сто мяшкоў,
Пекну жонку і то скора,
Потым дзетачак шасцёра.
Вядома, што доктар таксама адказаў свайму вернаму сябру жартоўным беларускім вершам, але ён, на жаль, не захаваўся.
Менавіта ў Радашковічах у той час (1892 год) Ядвігін Ш. напісаў драму «Злодзей». Яе спрабаваў паставіць самадзейны гурток радашковіцкіх беларусаў-інтэлігентаў, аднак мясцовыя ўлады не дазволілі пастаноўку, а рукапіс загінуў. А можа, ён дзесьці і ляжыць сабе ціхенька, запылены, сярод якога-небудзь нікому не патрэбнага хламу, як было гэта з рукапісамі Пушкіна і Лермантава, з партытурай Рымскага-Корсакава?..
У апошнія гады жыцця ў Радашковічах Ядвігін Ш. пабраўся шлюбам з мясцовай дзяўчынай Луцыяй Гнатоўскай і пачаў будаваць новы дом у Карпілаўцы. Там жа, у Радашковічах, у іх нарадзілася дачка Ванда, якая ў нашаніўскую пару пісала вершы, лірычныя імпрэсіі, апавяданні ў беларускі перыядычны друк, сябравала і ліставалася з М.Багдановічам, З.Верас, а потым выйшла замуж за Язэпа Лёсіка, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, мовазнаўца, былога навучэнца Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.
— З таго часу, — няспешна працягвае свой расповед Міхась Міхайлавіч, — лёс  кідаў нашага героя па свеце: Вільня, Мінск, Карпілаўка... У ХХ стагоддзі, калі пачала выходзіць «Наша ніва», да яго прыйшло другое творчае дыханне: Ядвігін Ш. узяўся за пяро і выступаў у рускім, беларускім, польскім перыядычным друку з матэрыяламі пра побыт, культуру, фальклор беларусаў, працаваў сакратаром у «Нашай ніве»... Першым яго друкаваным мастацкім творам на беларускай мове стала апавяданне «Суд», апублікаванае на старонках «Нашай долі» ў верасні 1906 г. Ім аўтар сцвердзіў сябе адным з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. А ў 1910 годзе зрабіў вялікую вандроўку, ажыццявіўшы сваю даўнюю мару прайсціся па Беларусі пешшу. Ядвігін Ш. прайшоў у агульнай колькасці 500 км з Вільні праз Трабы, Бакшты, Любчу, Налібокі, Івянец, Люцынку, Пяршаі, Валожын, Гарадок, Аляхновічы, Путнікі, Дзікшняны, Удранку і закончыў доўгі маршрут сваім уласным домам. Занатаваныя ўражанні ад гэтага паходу друкаваліся ў «Нашай ніве» у 1910 годзе.
У 1912-м выйшаў першы зборнік апавяданняў пісьменніка «Бярозка», у 1914-м — «Васількі». Потым Ядвігін Ш. працаваў у каталіцкай газеце «Беларус», часопісе «Саха» і ў першым беларускамоўным дзіцячым часопісе «Лучынка». Ён — аўтар першага беларускага рамана «Золата», які друкаваўся ў 1920 годзе.
У апошнія гады жыцця Антон Іванавіч моцна хварэў, пакутаваў на сухоты, лячыўся ў Закапанэ. 24 лютага 1922 года памёр у Вільні і пахаваны на славутых каталіцкіх могілках Росы, каля самага ўваходу ад цэнтральнай брамы, дзе спяць вечным сном яшчэ многія яго сябры па духу, творчасці і нацыянальнай дзейнасці.

 

 

 

 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны


Па падліках некаторых гісторыкаў, у заходняй частцы Беларусі да 1921 года было каля 500 беларускіх пачатковых школ, некалькі гімназій, 2 настаўніцкія семінарыі (у Свіслачы і Барунах). У канцы 1921 - пачатку 1922 года былі адкрыты беларускія гімназіі ў Будславе (дырэктарам там быў Язэп Васілевіч), у Гродне (А. Тамашчык), у Навагрудку (Янка Цеханоўскі — дарэчы, скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю), у Клецку (Ягор Якубёнак) і дзве на Маладзечаншчыне: у Гарадку (дырэктар — Кастусь Тышкевіч) і ў Радашковічах (Аляксандр Вернікоўскі).
Ініцыятарам стварэння і апекуно

Радашковіцкая беларуская гімназія

м Радашковіцкай гімназіі з’яўляўся Аляксандр Уласаў — жыхар мясцовага наваколля, былы рэдактар першай беларускай газеты «Наша ніва», а ў той час сенатар у польскім сейме ад насельніцтва Заходняй Беларусі.
Спачатку навучальная ўстанова размяшчалася ў будынку былой яўрэйскай школы, але хутка перабралася ў вялікі прыгожы дом на рагу былой Мінскай вуліцы і касцельнай плошчы; яго здавала заможная мяшчанка Швэйдзіха. Пры будынку меўся вялікі сад, за ім размяшчалася спартыўная пляцоўка.
Гімназія была гуманітарнага тыпу з васьмігадовым курсам навучання (7 класаў і выпускны). У старэйшыя класы паступалі тыя, хто закончыў пачатковыя школы, гарадскія вучылішчы, меў незакончаную гімназічную адукацыю і вялікую ахвоту да вучобы. Прываблівала і невысокая яе аплата. Навучэнцамі былі ў асноўным дзеці беларускага сялянства з Ракава, Вілейшчыны, Смаргоні, Маладзечна, Валожына, а ў першыя гады існавання гімназіі — шмат яўрэяў. Гімназісты вывучалі Закон Божы двух веравызнанняў, матэматыку, геаметрыю, фізіку, беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі і Польшчы, польскую мову і літаратуру, нямецкую, французскую і лацінскую мовы, псіхалогію, логіку, спевы і іншыя прадметы. Выкладанне вялося па-беларуску.
Заняткі пачыналіся 9 верасня і працягваліся да 22 снежня; зімовыя вакацыі доўжыліся да 15 студзеня, каб Каляды адгулялі і праваслаўныя, і католікі. Наступныя вакацыі прыпадалі на Вялікдзень, а яшчэ адны — на лета: з 15 чэрвеня па 31 жніўня. Першы выпуск гімназіі адбыўся ў 1924 годзе; яе скончылі 11 чалавек.
Першым настаўніцкім калектывам кіраваў Аляксандр Львовіч Вернікоўскі. Язэп Емяльянавіч Гаўрылік выкладаў геаграфію і спевы, Фелікс Іванавіч Стацкевіч — лацінскую мову, Сымон Вікенцьевіч Кароль — беларускую мову і літаратуру, Антон Міхайлавіч Крачкоўскі — матэматыку і геаметрыю, Мікалай Іванавіч Ласковіч — фізіку, Валянціна Мікалаеўна Чаенкава — гісторыю і французскую мову, Валянцін Раманавіч Чаенкаў — логіку і псіхалогію, Браніслаў Пятровіч Тэраевіч — польскую мову, Лідзія Пятроўна Ліманоўская — нямецкую. Адміністратарам гімназіі працаваў беларускі дзеяч прапольскай арыентацыі Тодар Міхайлавіч Вернікоўскі (стрыечны брат дырэктара).
Вучні жылі насычаным культурным і грамадскім жыццём. Тут быў хор з вучняў і выкладчыкаў, якім кіраваў Язэп Гаўрылік — добры арганізатар, выдатны знаўца беларускай культуры, якога вельмі любілі і паважалі вучні і настаўнікі. Пад яго кіраўніцтвам развучваліся і ставіліся п’есы беларускіх драматургаў, адзначаліся нацыянальныя святы, праходзілі спектаклі і канцэрты. Мера-
прыемствы ладзіліся ў вялікай стадоле, якая належала мясцоваму жыхару Ліпману. Найлепшымі акцёрамі сярод выкладчыкаў былі Язэп Гаўрылік і Лідзія Ліманоўская, а сярод вучняў — Ганна Куніцкая і Фелікс Вольскі.
Пры гімназіі працавалі гістарычна

Будынак былога інтэрната

-краязнаўчы і літаратурны гурткі, выходзілі насценныя газеты, дзе змяшчаліся творы навучэнцаў, якія спрабавалі свае сілы ў літаратуры. Вось як апісвала момант паэтычнага нараджэння Максіма Танка былая вучаніца гімназіі Людміла Грышкевіч (а тады — Люся Валынец): «Аднойчы выкладчык беларускай літаратуры Язэп Гаўрылік даў нам класнае сачыненне на тэму «Чатыры пары года». І вось мы напісалі яго. Праз які тыдзень настаўнік прынёс у клас сшыткі з сачыненнямі. Аказалася, што Яўген Скурко яго напісаў вершам. Гэта сачыненне як лепшае ў класе зачытаў на ўроку Язэп Емяльянавіч. Аўтар  расказваў аб сялянскай працы і яе цяжкасцях ва ўсе поры года. Памятаю заключныя радкі гэтага верша:
Селяніну толькі знай
Жні, касі і засявай...

З таго часу мы нейкімі іншымі вачыма пачалі глядзець на свайго сябра – высокага, хударлявага хлопца ў даматканай вопратцы».
З цягам часу Танк ва ўспамінах неаднойчы адзначаў, што гэта гімназія была адметнай, бо ў ёй амаль усе пісалі вершы. Праўда, лёсы колішніх вучняў складаліся так, што цалкам рэалізаваць сябе здолелі адзінкі. Акрамя вышэйназваных гурткоў быў яшчэ мастацкі, якім кіраваў Язэп Драздовіч. На працягу амаль двух гадоў таленавіты мастак жыў і працаваў у Радашковічах, працягваў тут пісаць гістарычны раман «Гарадольская пушча», паэму «Трызна мінуўшчыны», стварыў мастацкую студыю, арганізоўваў  выстаўкі  работ вучняў гімназіі ў Вільні, намаляваў першы ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва партрэт Ф. Скарыны… Чаму ён так мала пражыў тут? Усё даволі банальна: закахаўся ў пляменніцу Уласава — жонку Тарашкевіча. Яна не адказала мастаку ўзаемнасцю, ён вырашыў «адпомсціць» мужу і намаляваў на яго шарж у своеасаблівай арыгінальнай графічнай форме, дзе бедны «супруг» сядзіць на кані тварам да крупа. Зразумела, што хутка Драздовічу давялося пакінуць Радашковічы...
Недзе ў 1924 годзе па запрашэнні Аляксандра Уласава ў гімназію прыехалі метадысты з Варшавы, якія дапамаглі арганізаваць для вучняў інтэрнат. Там навучэнцы мелі начлег і маглі рыхтавацца да заняткаў. Кіраўніком метадыстаў быў швед Віт, а выхавальніцай — Шацман.
Інтэрнат месціўся на  
цяперашняй Віленскай, 1, амаль насупраць дзіцячай бібліятэкі, і ўяўляў сабой невялікую двухпавярховую мураванку. Каб мець больш поўнае ўяўленне пра будынак і яго насельнікаў, звернемся да ўспамінаў былога гімназіста Максіма Танка: «Загадчыцай інтэрната была пажылая амерыканка, якая добра гаварыла па-беларуску і сачыла, каб кожны дзень, выстраіўшыся ў сталовай, усе раніцай і вечарам праспявалі малітву. Гэта быў своеасаблівы інтэрнат, у якім мы за невялікую месячную плату мелі забяспечаны начлег і гарачую ваду. Абедаў не было. Той, хто хацеў паабедаць, мусіў заплаціць 20-30 грошаў. А паколькі рэдка калі ў нас былі і такія капіталы, дык часцей за ўсё абед наш складаўся з тых жа дамашніх сухароў, якія мы прывозілі з сабой, ды селядца, узятага на павер у старога крамніка. Жыў гэты крамнік пад нашым інтэрнатам. Мы ўсе яго шанавалі і любілі за спачуванне нам, бурсакам, і за тое, што ён цудоўна граў на скрыпцы. Сам ён быў хворы на сухоты і ўжо не хадзіў на вяселлі і вечарынкі, а ў вольны час, калі зачыняў сваю краму, у якой была толькі адна бочка з іржавымі селядцамі ды некалькі скрынак з цвікамі, прыходзіў да хлопцаў са скрыпкай і граў ім сумныя мелодыі ці ўласныя імправізацыі».
Гімназія працягвала сваю дзейнасць; у апошнія пяць гадоў дырэктарстваваў тут Фелікс Стацкевіч. Мяняўся настаўніцкі калектыў. У 1926 і 1928 гг. пры гімназіі працавалі курсы ўдасканалення для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ і гімназій. У канцы 1928 года польскія ўлады яе закрылі.
Памяць і мы
Ад гімназіі засталіся толькі  матэрыяльныя і духоўныя рэшткі, у першую чаргу — будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. Такія ж убогія астаткі, як і ад многага іншага важнага, значнага, каштоўнага: у лепшым выпадку кладка падмурка, напаўразбураная ці прыстасаваная пад сучасныя патрэбы пабудова, старэнькі недагледжаны домік. А яшчэ часцей наша падарожжа праходзіць міма сцёртых з карты раёна вуліц, дамоў, навучальных устаноў, і гід проста кажа: «А вось тут некалі было...» І пакуль
доўжыцца расповед, прылятае прыцягнутая ім птушка-памяць, ціхенька садзіцца побач на га-
лінку і махае сваім
празрыстым крылом, запрашаючы прыўзняцца над штодзённай мітуснёй. Але большасці з нас добра і без крылаў. У гэтым і бяда.  
Безумоўна, калі ведаць пра ўсё тое, што адбывалася ў той жа гімназіі, якія цікавыя і заслужаныя там былі людзі, то крыўдна, што гэты будынак не пазначаны ні шыльдай, ніякім іншым памятным знакам. Бо гэта адзін з нямногіх напамінкаў пра тое мінулае, якое дае нам веру ў будучыню. Новыя гаспадары дома яго пераабсталёўваюць, перабудоўваюць, тым самым мяняюць знешні выгляд і аддаляюць яго і час яго мінулай славы ад нас, нашчадкаў...

Магіла выкладчыка Чарняўскага
Яшчэ адну настальгічную нотку да гісторыі аб гімназіі імя Францішка  Скарыны, дзе выхоўвалася «племя молодое, незнакомое» і якую час сцёр з карты нашых мясцін, дадае просценькі, але з густам зроблены помнік у праваслаўнай частцы мясцовых могілак.
— Пад ім вечным сном спіць выкладчык некалі славутай гімназіі імя Францішка Скарыны, — распавядае наш гід. — Ён адзіны з таго настаўніцкага калектыву знайшоў сабе тут апошні прытулак. На помніку напісана: «Светлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чарняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу». У апошняе маё наведванне магіла была не ў лепшым стане: помнік паваліўся, агароджа не захавалася. Што ж будзе далей? Я вось думаю: не маглі б вучні і настаўнікі мясцовай школы ўзяць апеку над магілкай і прыводзіць яе ў боскі выгляд хоць раз у год? Таму што ўсе нашы размовы пра памяць, пра традыцыі мясцовай адукацыі, пра павагу да сваёй гісторыі так і застануцца словамі, калі не будуць ператвораны ў добрыя справы ў жыцці...




Дом Адама Більдзюкевіча

Непадалёк ад касцёла Святой Троіцы па вуліцы Заслаўскай, 6 стаіць невялікі дамок. Тут новыя гаспадары; пэўна, добрыя людзі. Абжываюцца, ладзяць свае будзённыя справы. Хутчэй за ўсё, і ім таксама невядома, што гэты стары непрыкметны дом належаў жыхару Радашковіч, які першым у пасёлку атрымаў закончаную вышэйшую адукацыю і з’яўляўся адной з самых цікавых асоб пачатку ХХ стагоддзя. Гэта быў Адам Більдзюкевіч.
— Пра яго я чуў

Дом Адама Більдзюкевіча

яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, — распавядае Міхась Міхайлавіч, — але ніколі не здагадваўся, што гэта мой зямляк, што пра яго я мог многа распытаць у Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай-Тарашкевіч і некаторых іншых старажылаў мястэчка. Калі ж даведаўся, што Адам Більдзюкевіч нарадзіўся ў Радашковічах, то быў прыемна здзіўлены і пастараўся прайсціся па яго жыццёвых сцяжынках. Удалося высветліць, што захаваўся дом, у якім ён нарадзіўся, знайсці фота і адшукаць даволі шмат звестак пра жыццёвы шлях яго гаспадара. Сёння я ведаю, што на каталіцкай частцы мясцовых могілак стаіць фамільны помнік роду Більдзюкевічаў, дзе пахаваны бацька нашага героя Язэп (1871-1926 гг.) і брат Станіслаў (1893-1925 гг). Пашчасціла мне і заспець у жывых мясцовага жыхара Нікадзіма Чараповіча, які працаваў у Більдзюкевічаў на гаспадарцы, і пагутарыць з ім. Ён вельмі шмат дапамог: хоць і было яму ўжо на той час за 90 год, але мінулае ён помніў грунтоўна; як сам казаў, «я ўжо не памятаю, што я раніцай еў, а што было 70 год таму, памятаю добра...» У складанні біяграфіі Більдзюкевіча мне вельмі дапамагла Ірына Уладзіславаўна Ніжанкоўская, а таксама знойдзеныя архіўныя матэрыялы і пажоўклыя выданні былой Заходняй Беларусі. Атрымалася яна не на сто працэнтаў дакладная, але яшчэ ёсць час аднавіць правалы.
Адам Більдзюкевіч нарадзіўся ў канцы ХІХ стагоддзя. Брат яго быў з 1893 года і, як казаў Чараповіч, на пару гадоў старэйшы за Адама; значыць, можна меркаваць, што ён прыкладна 1895-1896 года нараджэння. Бацькі яго Язэп і Сабіна былі даволі заможныя, мелі семнаццаць гектараў зямлі, некалькі дамоў і шмат свойскай жывёлы. Акрамя Адама ў сям’і былі яшчэ сын Стась і дачка Кася. Старэйшы брат пакутаваў на падучую хваробу (эпілепсію) і таму быў ненадзейны памочнік па гаспадарцы, а Адам у дзяцінстве не надта ўлягаў у    працу і вучэнне — з большай ахвотай ганяў галубоў, захапляўся імі. Але аднойчы бацька даў яму добрую лупцоўку, і гэта дапамагло: неўзабаве разумны хлопец зрабіўся адным з лепшых вучняў Радашковіцкага  вышэйшага пачатковага вучылішча.
Пазней ён вучыўся ў

Адам Більдзюкевіч

Пец

Copyright MyCorp © 2024